Вядомы беларускi пiсьменнiк i наш заўзятар Альгерд Бахарэвiч завiтаў на гульню «Крумкачоў» i распавёў аб тым, як гэта было.
«Увайшоў Крумкач паважны, бы мінулага жаўнер,
Старадаўні князь пярнаты, крочыў у мае пенаты,
Як усе арыстакраты, не пазбаўлены манер...
Але я не пра паэзію. Я пра сёньняшні футбол.
Пасьля нядаўняга вялікага інтэрвію «Трыбуне» «Крумкачы» даведаліся пра маю да іх заўзятарскую прыхільнасьць і запрасілі на сёньняшнюю хатнюю гульню супраць берасьцейскага «Руху». Не пагадзіцца было немагчыма, пагатоў сустрэча чакалася прынцыповая, у двубоі сышліся лідары другой лігі. І паехаў я на вуліцу манаха Бэртольда Шварца (то бок Сямашкі) – з тым прыемным адчуваньнем далучанасьці да цуду, якое можа даць толькі футбол.
Упершыню ў жыцьці мая фізыяномія і ўрыўкі з інтэрвію трапілі не ў анталёгію, зборнік або часопіс, а ў праграмку футбольнага матча. Што ж, праграмка па сваёй сутнасьці таксама кніжка. Паліцыя была на дзіва карэктнай, чарга па каву – бясконцай, а атмасфэра на трыбунах такая гарачая, што нават у мяне, змрочнага і нуднага мэлянхоліка, уключыліся патаемныя ўнутраныя парагенэратары. А яшчэ ў перапынку адзін з заўзятараў «крумак» падараваў мне свой «намолены» клюбны шалік, а яшчэ былі імправізаваныя фотасэсіі, а яшчэ я пабачыў на стадыёне нямала знаёмых твараў – пераважна зьдзіўленых. Чамусьці я, колішні ганзэйскі жыхар і аматар піратаў з «Санкт-Паўлі», не асацыяваўся ў людзей з «Крумкачамі».
Што ўразіла? Рэдкая еднасьць гульцоў і заўзятараў. На 90 адсоткаў беларускамоўныя крычалкі і песьні. Самаадданасьць кожнага «Крумкача» на полі – ну вось люблю я (што ў мастацтве, што ў спорце – у любым супрацьстаяньні), калі людзі на сваім месцы, калі яны апантаныя тым, што робяць і гатовыя біцца да апошняга. Энэргетыка. Рознасьць і разнастайнасьць. Нейкая такая добрая, ліхая, але прытомная атмасфэра на трыбунах. А вы кажаце: другая ліга... Чаму «Крумкачы»? Таму што Менск. Таму што шчыра. Таму што не мэйнстрым. Таму што да канца. Таму што па-беларуску. І проста: патаму што.
Што да гульні... Ну так, саступілі 0:1. На мой вялікі пісьменьніцкі жаль. Не здаваліся. Ціснулі. У другім тайме ў нейкі момант толькі штанга ўратавала гасьцей. Былі пытаньні да судзьдзі (на Сямашкі зусім недалёка дзяржаўны «дом правасудзьдзя» – мабыць, арбітр ім і натхняўся). Жоўтую картку за зацягваньне часу трэба даваць не тады, калі цябе пра гэта просіць увесь стадыён (угаварылі!), а адразу. За некалькі хвілін да канца ледзь на полі не распачалася бойка, а пасьля фінальнага сьвістка – яшчэ адна. Жарсьці. Карацей, абавязкова пайду яшчэ. А на бальбуце, дарэчы, «крумкач» – kronkuta».
Дзякуй за сустрэчу, спадар Альгерд! Будзем рады пабачыць вас на наступных гульнях!
Фота: Юлiанна Рыпiнская.