Жизнь команды

Анкета «Крумкача» — Павел Расолька

Адкуль родам?

Нарадзіўся ў Беларусі, з Менска, свой, не легіянер.)

Кім марыў стаць у дзяцінстве?

У дзяцінстве марыў стаць мастаком, але, дагэтуль не ведаю чаму, маляваць прыгожа так і не навучыўся.)

Як прыйшоў у футбол?

Раней трэнеры хадзілі па школах і набіралі дзяцей, прапаноўвалі займацца у іх, вось і я таксама вырашыў пайсці. Але там я доўга не прабыў — маці аддала мяне ў футбольную школу, якая была бліжэй да дому – «Трактар». Так я і пачаў гуляць у футбол.

Любімы футбаліст дзяцінства?

Ведаеце, тут есць два адказы. Першы – Давід Трэзэге. Так склалася, што на першай футбольнай майцы, якую мне падарылі, было менавіта гэтае імя, я пачаў сачыць за ім, ён мне вельмі падабаўся. А калі гаварыць, не прымаючы ва ўвагу нейкія сэнтыментальныя моманты, звязаныя з першай футбольнай майкай, то гэта Цьеры Анры.

Любімы футбольны клуб?

Арсенал

Якую музыку слухаешь?

Насамрэч розную, няма прыхільнасці да нейкага канкрэтнага стылю. Ведаеце, залежыць ад настрою. Ірына Алеграва — «З днём нараджэння». Гэта жарт, калі што. :)

Тры лепшых фільма ад Паўла Расолькі:

Іх шмат. Увогуле, мне вельмі падабаецца глядзець фільмы ці сэрыялы. «Троя», «Гладыятар», «Дзённік памяці», але апошні трошкі адрозніваецца ад першых дзвюх.

Лепшы адпачынак для цябе гэта...?

Магу проста дома ўключыць што-небудзь і адпачываць. Але частей, калі ёсць свабодны час, з'яжджаю ў нейкае прыгожае месца на рыбалку.

Наколькі ты патрабавальны да сябе?

Заўсёды шукаю праблемы ў сябе, калі што-небудзь не атрымліваецца. Вельмі патрабавальны.

Самы яркі ўспамін з футбольнай кар'еры?

Ведаеце, я лічу, што найбольш яскравыя моманты ў мяне яшчэ наперадзе. Але, калі ўспомніць… Мабыць, калі выйшлі ў Вышэйшую лігу з «Лучом», а яшчэ на пачатку сезона мелі мінус 10 у табліцы. Эмоцыі былі неперадавальныя!

Хто твой галоўны заўзятар?

Мусіць, дзядуля, ён больш за ўсіх перажывае за вынікі і ўвогуле за ўсё, што адбываецца са мной у футболе. Ён паабяцаў, што абавязкова будзе хадзіць на гульні!

Калі ўпершыню пачуў аб «Крумкачах»?

Даволі даўно, яшчэ калі гуляў супраць іх у Другой лізе.

Чаму вырашыў перайсці да нас?

Клуб з амбіцыямі, таксама ёсць канкрэтная задача – выйсці ў Вышэйшую, трэба дапамагчы!

Па якім прынцыпе выбіраў нумар?

Неяк звыкнуўся пад адным гуляць і заўсёды пад ім і гуляю. З дзяцінства адзін нумар.

Чым «Крумкачы» адрозніваюцца ад іншых клубаў?

Напэўна сваімі заўзятарамі! Такіх, як яны, ў іншых клубаў няма!

Якую мэту паставіў на наступны сезон?

Выйсці ў Вышэйшую лігу і прыносіць як можна болей карысці камандзе!

Пра што марыш?

Каб вярнулі грошы, якія былі да дэвальвацыі! І зрабіцца мільянерам, хоць бы беларускім. :)

Што хацеў бы перадаць нашым заўзятарам?

Хачу пажадаць добрага сезону і каб заўсёды падтрымлівалі клуб нягледзячы ні на што!

 

Контакты

 

Подписывайся на нас

 

Copyright© 2020
ООО "НФК Крумкачы"
Сайт разработан business-solutions.by