Жизнь команды

Вучым родную мову разам з намі!

Сёння, 21 лютага, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. З гэтай нагоды мы вырашылі сабраць для вас невялічкі "футбольны" слоўнік, які плануем папаўняць на працягу сезона. Сачыце за нашымі сацсеткамі, глядзіце трансляцыі і падтрымлівайце нас не толькі на трыбунах, але і ахвяраваннямі.


“Брама” альбо “футбольныя вароты”

Больш лагічным будзе ўжыванне запазычання з польскай мовы, лексемы “брам(к)а” (польск. bramka), бо беларускае вароты патрабуе ўдакладнення прыметнікам, які абазначае прыналежнасць да спорту (футбольныя вароты). Браму абараняе – брамнік (варатар).

Прыклад ўжывання:

Мяч пайшоў значна вышэй, таму галоўны арбітр прызначыў стрэл ад брамы.,

,


“Дададзены час” і “дадатковы час”

Дададзены час — гэта абмежаваная колькасць хвілін, вызначаная галоўным арбітрам і дададзеная да асноўнага часу гульні. Ёсць дадатковы час, ён жа овертайм, які каманды гуляюць у выпадку нічэйнага выніку па заканчэнні асноўнага часу матча ў кубкавых турнірах, напрыклад.

Прыклады ўжывання:

Дададзены да першага тайму час склаў 4 хвіліны.

Асноўны час скончыўся з нічыйным лікам, таму згодна з рэгламентам быў прызначаны дадатковы час.


“Заўзець (за)

Калі мы заўзеем, то гэта значыць, што востра перажываем за поспехі і няўдачы нашага клуба. Ад гэтага дзеяслова ўтвораныя назоўнікі, а сама з’ява заўзятарства, адпаведна, была падзеленая на тры катэгорыі:

  1. Заўзятар — той хто арыентуецца ў спорце, чытае адмысловыя выданні, ведае лічбы ды імёны, аматар прафэсійнага ўзроўню.
  2. Заўзей — той, хто ходзіць на стадыёны, ведае, што адбываецца ў спорце, але ў адрозненні ад заўзятара ёсць выключна аматарам.
  3. Заўзюк — самая каларытная і небяспечная постаць на трыбунах. Ён мала ў чым арыентуецца, почасту з’яўляецца на спаборніцтвы нападпітку. Заўзюк, роспачна вые, калі ягоная каманда прайграе і актыўна радуецца, калі наадварот.

Прыклад ўжывання:

– За каго заўзееш?

– Заўзею за “Крумкачы”!


“Кутнік” альбо “вуглавы”

Тлумачальны слоўнік падказвае, што ”кут” – “месца, дзе сыходзяцца ўнутраныя бакі прадмета”. Таму прапаноўваем ужываць “кутнік” для абазначэння разыграння мяча, якое робіцца з кута футбольнага поля.

Прыклад ўжывання:

Першым на мячы пасля падачы з кутніка апынуўся наш цэнтральны абаронца Марат Чарнякоў.

,

,


“Нападальнік” альбо “нападнік”, “нападаючы”

Ну і як мы назавем гульца лініі атакі? “Нападаючы” гучыць больш звыкла для вуха, якое звыклася чуць рускага “нападающего”, але па-беларуску больш натуральна гучыць усё ж “нападальнік” ці “нападнік”. Але выбар, як кажуць, за вамі!

Прыклад ужывання:

Былы нападнік “Крумкачоў” Яўген Шыкаўка адзначыўся дублем пасля выхаду на поле.

,


“Параза”

У футбольным кантэксце гэты назоўнік значыць няўдачу, пройгрыш у гульні. Расейска-беларускі слоўнік дадатковай лексікі Змітра Саўкі падказвае, што дарэчна ўжываць назоўнік “параза” з дзеясловам “зазнаваць” – зазнаваць паразу.

Прыклад ужывання:

Наша каманда годна змагалася, але ўсё ж зазнала паразу ў дадатковы час.

! Не “трываць паразу”


“Разагрэўка” ці “размінка”

Размінка — працэс, пры якім гульцы спосабам розных практыкаванняў разаграюць свае мускулы, зніжаючы імавернасць атрымання траўмы ці проста павышаючы сваю фізічную здольнасць перад выхадам на поле. Але цудоўная беларуская лексема “разагрэўка” найбольш адпавядае тлумачэнню самога паняцця, таму смела ўжывайце яе.

Прыклад ужывання:

На перадматчавую разагрэўку наша каманда выйшла амаль у поўным складзе.


“Стрэл” альбо “ўдар”

«Слоўнік беларускай мовы» падае і “стрэл”, і “ўдар”. У мове беларускіх каментарыяў лексема “стрэл” гучыць нават часцей, але мы падаём два варыянты. Улічваючы такую варыятыўнасць у футбольнай тэрміналогіі можам сказаць “удар ад футбольных варот” ці “стрэл ад брамы”. Магчыма, вам будзе цікава даведацца і пра дзеяслоў “стрэліць” – стрэліць можна шчочкай, пырам ці наском.

Прыклад ужывання:

Трапны стрэл Сяргея Якімцова са штрафнога прынёс доўгачаканую перамогу “Крумкачам”.


“Становішча па-за гульнёй” альбо “афсайд”

Менавіта гэтае футбольнае правіла з’ўляецца, мусіць, самай рэгулярнай нагодай для заўзятараў, каб у актыўнай форме параіць некаму з суддзяў набыць акуляры. Разбірацца з ім зараз і тут не будзем, але ж прапаноўваем не забываць, што тое самае небяспечнае “вне игры” па-беларуску назавем “становішча па-за гульнёй”.

Прыклад ужывання:

Высокая лінія абароны нашай каманды вымушала сапернікаў рэуглярна трапляць у становішча па-за гульнёй.


“Укідванне”

Мы звыкліся, што ў футбол гуляюць нагамі, але бываюць і выключэнні. Калі мяч выходзіць за бакавую ліні поля, то яго трэба вярнуць у гульню. Робіцца гэта шляхам ягонага ўкідвання рукамі з-за бакавой лініі. У некаторых камандах ёсць адмысловыя гульцы, якія як раз і спецыялізуюцца на ўводзе мяча рукамі максімальна далёка, каб стварыць небяспеку ў такой, здавалася б, простай сітуацыі.

Прыклад ужывання:

Хуткае і трапнае ўкідванне мяча з-за бакавой Максам Паўлаўцом дапамагло стварыць небяспеку каля брамы саперніка.


 

Контакты

   

 

Подписывайся на нас

 

Copyright© 2020
ООО "НФК Крумкачы"
Сайт разработан business-solutions.by